8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту (Азярцо) адкрыўся адрэстаўрыраваны помнік XVIII стагоддзя - Спаса-Праабражэнская царква з Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Урачыстая цырымонія адкрыцця храма адбылася сёння, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, больш як чатыры гады рэстаўратары працавалі над гэтым цікавым аб'ектам. Рэстаўрацыя помніка архітэктуры XVIII стагоддзя ўяўляе сабой прыклад таго, што дзяржава не забывае аб сваёй гісторыі і, аднаўляючы помнікі, паказвае прыклад клопату аб ёй.
Як дадаў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту Эдуард Багдановіч, адкрыццё царквы - неардынарная падзея.
Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў. Ён заснаваны ў 1976 годзе, у гэтым годзе святкуе сваё сакарагоддзе. Музей захоўвае і дэманструе традыцыйныя помнікі беларускага драўлянага дойлідства пад адкрытым небам у прыродным асяроддзі.
У музеі прадстаўлены помнікі народнай драўлянай архітэктуры XVIII - пачатку ХХ ст. Сярод іх культавыя, грамадскія і вытворчыя пабудовы, а таксама комплексы сялян. Адноўлены традыцыйныя інтэр'еры. Функцыянуюць 3 сектары: "Цэнтральная Беларусь", Падняпроўе" і "Паазер'е". Кожны ўяўляе сабой фрагмент тыповага паселішча канца ХIХ - пачатку ХХ стагоддзя з характэрнай для яго забудовай.
Актуальнасць аднаўлення культавай пабудовы абумоўлена неабходнасцю дэманстрацыі помніка як знакавай і ўнікальнай з'явы ў экспазіцыі сектара "Падняпроўе".
Спаса-Праабражэнская царква з Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці - адзін з найбольш цікавых помнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, стаіць у адным радзе з самымі старажытнымі аб'ектамі драўлянай архітэктуры Беларусі. Аб'ёмна-прасторавае і архітэктурна-канструкцыйныя рашэнні Спаса-Праабражэнскай царквы нясуць стылістычныя рысы драўлянай архітэктуры цэркваў XVII-XVIII стагоддзяў.
Храм быў узведзены ў 1704 годзе ў цэнтры пасёлка, на высокім прыгожым месцы. Пасля Вялікай Айчыннай вайны скарацілася колькасць прыхаджан, адбываліся моцныя антырэлігійныя ганенні і ў 1961 годзе царква ў Барані была закрыта. У 1987 годзе яе перавезлі на тэрыторыю музея.