14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы 18 верасня адкрыецца выстава "На вялікі сход!", прымеркаваная да Дня народнага адзінства, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.
Праект прысвечаны 110-годдзю п'есы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо", закончанай 4 верасня 1913 года. Гэта сацыяльна-псіхалагічная драма з'яўляецца вяршыняй купалаўскай драматургіі. Падзеі ў творы адбываюцца ў рэвалюцыйным 1905 годзе: пачынаюцца летам, у доме сям'і Зяблікаў, і заканчваюцца позняй восенню ў развалінах таго ж, ужо раскіданага, дома.
Выстава пашырыць кантэкст тэматычнага раздзела стацыянарнай выставы "Шляхі", прысвечанай стварэнню і пастаноўцы драмы "Раскіданае гняздо". Сярод экспанатаў - копія першага выдання п'есы 1919 года, падораная музею Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама цудам уцалелая ў гады Вялікай Айчыннай вайны фатаграфія Янкі Купалы, удзельніка знакавага Народнага сходу Заходняй Беларусі 1939 года.