22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску маюць намер развіваць індустрыяльны турызм, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
Акцыя, прысвечаная Дням еўрапейскай спадчыны, пройдзе ў Мінску 25 верасня. У час яе адбудзецца лекцыя, прысвечаная індустрыяльнай спадчыне беларускай сталіцы, а таксама экскурсія з аглядам помніка прамысловай архітэктуры ХІХ стагоддзя - будынка ААТ "Піўзавод "Аліварыя".
Дні еўрапейскай спадчыны - шырокамаштабная культурная акцыя, якая праводзіцца дзяржавамі, што ратыфікавалі Еўрапейскую культурную канвенцыю. Кожны год краіны - удзельніцы канвенцыі прапагандуюць уласныя тэмы гэтага міжнароднага праекта. Дні еўрапейскай спадчыны-2015 у Беларусі прысвечаны тэме індустрыяльнай спадчыны.
У прэс-службе Мінгарвыканкама падкрэслілі, што цікавасць грамадства да гісторыі і культуры, у тым ліку індустрыяльнай, пастаянна павялічваецца. Узнікаюць ідэі і ствараюцца праекты па выкарыстанні помнікаў прамысловай архітэктуры ў адукацыйных і турысцкіх мэтах. Таму сёння як ніколі становяцца актуальнымі пытанні правільнага і апраўданага ўключэння помнікаў індустрыяльнай спадчыны ў сучаснае жыццё, у тым ліку ў сферу турызму.