15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Мастак у люстэрку сцэны", прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння беларускага тэатральнага мастака Уладзіміра Кульваноўскага, пачала работу ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.
У Вялікім тэатры оперы і балета Уладзімір Кульваноўскі працаваў з 1938 года. Ён стаў аўтарам дэкарацый і касцюмаў для такіх спектакляў, як "Міхась Падгорны" Яўгена Цікоцкага, "Трубадур" Джузэпэ Вэрдзі, "Шукальнікі жэмчугу" Жоржа Бізэ, "Падстаўная нявеста" Генрыха Вагнера, "Церам-церамок" Ільі Польскага, "Князь Ігар" Аляксандра Барадзіна. З 1959 года з'яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў.
Паводле слоў вядучага навуковага супрацоўніка Музея тэатральнай і музычнай культуры Валянціны Дрозд, на выставе прадстаўлены самыя вядомыя работы Уладзіміра Кульваноўскага розных перыядаў. Усяго ў фондах Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры захоўваецца 28 твораў мастака.
"Уладзімір Кульваноўскі быў не толькі аўтарам сцэнаграфічных работ, ён таксама захапляўся жывапісам і графікай. Так, ён стварыў серыю графічных твораў, прысвечаных старажытнаму Мінску. Наведвальнікі змогуць іх убачыць на выставе ў нашым музеі", - дадала Валянціна Дрозд.
Экспазіцыя будзе працаваць да 15 верасня.