10 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталічным Палацы спорту (Мінск, прасп. Пераможцаў, 4) 12 і 13 лютага пройдзе этап Кубка свету па самба "Адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства спорту і турызму.
Удзел у турніры прымуць мацнейшыя майстры самба Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Грэцыі, Грузіі, Ірландыі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Мексікі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана. Спаборніцтвы спартыўнага раздзелу пройдуць у дзевяці вагавых катэгорыях сярод мужчын і ў дзевяці сярод жанчын, а таксама ў чатырох вагавых катэгорыях па баявым самба (да 68, 74, 82 і 90 кг).
У склад беларускай зборнай яе галоўны трэнер Вячаслаў Кот уключыў наступных майстроў спартыўнага самба:
мужчыны - Андрэй Курлыпа, Джамбулат Ахмадаў, Уладзіслаў Бурдзь (усе - вагавая катэгорыя да 57 кг), Іван Аніскевіч (62 кг), Вадзім Мікульскі (68 кг), Аляксей Сцепанькоў (82 кг), Андрэй Казусёнак (90 кг), Васіль Кузняцоў, Яўген Сёмачкін (абодва - 100 кг), Юрый Рыбак (звыш 100 кг);
жанчыны - Лэйла Абасава (48 кг), Марына Жарская (52 кг), Ксенія Даніловіч (56 кг), Кацярына Пракапенка (60 кг), Таццяна Мацко (64 кг), Вольга Намазава (68 кг), Святлана Цімашэнка (80 кг) , Лізавета Майсеенка (звыш 80 кг).
Двое беларусаў выступяць у баявым раздзеле турніру: Ілля Хадкевіч (68 кг) і Сяргей Філаменка (82 кг). Усе спартсмены беларускай каманды маюць вопыт выступленняў на міжнароднай арэне. Яны станавіліся пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў свету і Еўропы, медалістамі этапаў Кубка свету і іншых прадстаўнічых турніраў.
Папярэднія сустрэчы спаборніцтваў 12 і 13 лютага будуць стартаваць у 10.00. Фінальныя паядынкі ў першы дзень пачнуцца ў 17.30 пасля заканчэння цырымоніі адкрыцця, якая намечана на 17.00. Старт фіналаў другога дня - у 15.00. Уваход для гледачоў свабодны.
Арганізатарамі турніру выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Мінгарвыканкам, Беларуская федэрацыя самба. Генеральны інфармацыйны партнёр - Белтэлерадыёкампанія.