2 снежня, Брэст /Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА/. У Белавежскую пушчу 5 снежня пасля доўгай адсутнасці вернецца Снягурачка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік турыстычнага аддзела нацыянальнага парку Аксана Багалейша.
З гэтай нагоды ў маёнтку Дзеда Мароза пройдзе вялікае свята. На мерапрыемства спецыяльна запрошаны Зюзя Паазерскі і Балотнік Незвычайны з Бярэзінскага запаведніка. Снягурачка прыбудзе бліжэй пад паўдня. Доўгі шлях з Паўночнага полюса яна пераадолее не адна, а ў суправаджэнні сваіх сваякоў: Матухны Зімы, сясцёр Сцюжы, Завірухі і Мяцеліцы. Казачная сям'я, якая аб'ядналася пасля расставання, правядзе для турыстаў экскурсію па ўладаннях Дзеда Мароза. Госці пабываюць у Музеі ледзянога побыту, скарбніцы Матухны Зімы, азнаёмяцца з яе багатай калекцыяй лялек і нацыянальных абярэгаў, прагуляюцца па Алеі казачнай славы.
Таксама будуць падведзены вынікі конкурсаў на лепшую цацку і казку для навагодняй ёлкі. Маленькія беларусы з радасцю адгукнуліся на просьбу добрага чараўніка і прыслалі яму больш за 1 тыс. сваіх расказаў і вырабаў. Аўтарам самых цікавых работ Дзед Мароз уручыць прызы і салодкія падарункі.
На свяце публіку ў рэжыме нон-стоп будуць забаўляць творчыя калектывы Камянецкага раёна. Наведвальнікаў чакаюць народныя гульні і забавы, бяспройгрышная латарэя, Горад майстроў з майстар-класамі і выстаўкай-продажам сувеніраў. Госці змогуць атрымаць асалоду ад традыцыйных пушчанскіх пачастункаў - травянога чаю з румянымі блінамі, пакаштаваць іншыя стравы палявой кухні.
З надыходам зімы ў Белавежскай пушчы пачынаецца гарачы сезон, які прадоўжыцца аж да канца студзеня. За дзень тут могуць абслугоўваць да 5 тыс. і больш наведвальнікаў. Паводле інфармацыі турыстычнага аддзела нацыянальнага парку, за 10 месяцаў бягучага года ў рэзідэнцыі Дзеда Мароза пабывалі больш за 72,5 тыс. беларускіх і замежных турыстаў.
У поўным складзе сям'я Дзеда Мароза будзе сустракаць турыстаў да самай Масленіцы. Потым Снягурачка з Матухнай Зімой і трыма сваімі сёстрамі зноў адправіцца на Паўночны полюс.