4 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі лабараторна пацверджаны чацвёрты выпадак каранавіруса, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
"У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі цяпер поўным ходам ідзе апрацоўка вынікаў тэстаў людзей, за якімі ажыццяўляецца медыцынскі нагляд. Яшчэ адзін з тэстаў грамадзяніна Беларусі, ізаляванага для арганізацыі медыцынскага нагляду ў сувязі з цесным кантактам з адным з інфіцыраваных каранавірусам пацыентаў, выявіў РНК каранавіруса", - сказалі ў прэс-службе.
Такім чынам пацверджаны чатыры выпадкі інфіцыравання. Яшчэ два тэсты пацыентаў, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню, папярэдне дэманструюць станоўчыя вынікі, праводзіцца ўдакладняльная лабараторная дыягностыка ў адпаведнасці з пратаколамі абследавання, рэкамендаванымі СААЗ. Аб канчатковых выніках будзе паведамлена дадаткова. Усе, хто находзіцца пад наглядам, адчуваюць сябе здавальняюча, уключаючы пацыентаў з пацверджанай наяўнасцю каранавіруса.
"Улічваючы, што першапачаткова тэсты былі адмоўныя, можна зрабіць вывад, што пацыенты былі ізаляваны яшчэ да таго моманту, калі вірус пачаў выдзяляцца з арганізма, што выключыла магчымасць далейшай перадачы інфекцыі ад іх", - звярнулі ўвагу ў прэс-службе.
Усяго за час работы праграмы правядзення тэсціравання біяматэрыялу (мазкоў) на каранавірус лабараторыя РНПЦ правяла больш за 5 тыс. тэстаў.