9 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рэкламны тур "Усходняя Беларусь: новыя грані турыстычных маршрутаў" для тураператараў і прадстаўнікоў СМІ Расіі, Латвіі і Польшчы пройдзе з 11 да 14 кастрычніка ў трох абласцях краіны, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным агенцтве па турызме.
Паездка арганізавана ў мэтах развіцця ўязнога турызму, папулярызацыі турысцка-экскурсійных магчымасцей усходняга рэгіёна Беларусі, прыцягнення да супрацоўніцтва новай колькасці агенцтваў, распрацоўкі новых напрамкаў і маршрутаў, якія аб'ядноўваюць аб'екты Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей, прэзентацыі навінак. Таму праграма з анімацыяй і аўтарскімі экскурсіямі складзена адпаведная.
У туры прымуць удзел 35 тураператараў і прадстаўнікоў СМІ. Маршрут стартуе з наведвання старажытнага горада Беларусі - Полацка. Гасцей чакае прагулка па начным Віцебску, шагалаўскіх мясцінах і візіт у музей-сядзібу Ільі Рэпіна "Здраўнёва". У гэтай паездцы цікава будзе даведацца і пра беларускую шляхту. Запланавана наведванне аграэкасядзібы. У Магілёве пройдзе воркшоп сумесна з беларускімі рэгіянальнымі турыстычнымі кампаніямі. Да памяці пра Вялікую Айчынную вайну будзе звернута экскурсія ў мемарыяльным комплексе "Чырвоны Бераг" на месцы дзіцячага канцлагера. У аднайменнай вёсцы госці таксама ўбачаць помнік палацава-паркавай культуры - сядзібу Гатоўскага. У Гомелі ўдзельнікаў туру чакае экскурсія па горадзе, а затым яны завітаюць у Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый.
Паездку арганізуюць сумесна ТДА "Турыстычная фірма "Ілва" (Віцебск), ДКУП "Магілёўаблтурыст", ТАА "Грандтур" (Гомель) пры падтрымцы Нацыянальнага агенцтва па турызме Беларусі.