9 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Выстава "I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў VIVAT VITA. Выбранае" адкрыецца сёння ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.
Магіляўчане і госці горада пазнаёмяцца з работамі беларускіх аўтараў, створанымі на працягу апошніх трох гадоў. Розныя жанры і тэхнікі на выставе аб'яднае дэвіз VIVAT VITA - "Жывое мастацтва жыве". Паводле слоў супрацоўнікаў музея, кожны твор абавязкова знойдзе свайго паклонніка.
"Творчасць аўтараў узнімае філасофскія і сацыяльныя тэмы, - адзначылі субяседнікі. - Яна падводзіць чалавека да пераасэнсавання гістарычнага і культурна мінулага, прымушае паразважаць над праблемамі сучаснага грамадства - у першую чаргу экалагічнымі".
Выставу можна паглядзець на працягу месяца - да 8 жніўня.