2 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Свята карэйскай культуры 19 жніўня пройдзе ў Верхнім горадзе Мінска, паведамілі БЕЛТА ў пасольстве Рэспублікі Карэя ў Беларусі.
У праграме заяўлены выступленні творчага калектыву "Арыранг" з традыцыйнымі карэйскімі танцамі і ігрой на ўдарных інструментах, а таксама беларускіх калектываў К-Рор з кавер-танцамі на карэйскія хіты. Сваё майстэрства беларускім гледачам прадэманструюць каманды баявога мастацтва таэквандо.
Усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з каліграфіяй, пагуляць у карэйскія гульні, сфатаграфавацца ў традыцыйным адзенні ханбок, а таксама пакаштаваць стравы карэйскай кухні. Для самых маленькіх гасцей фестывалю будзе працаваць спецыяльны стэнд з аквагрымам.
Мерапрыемства ў Верхнім горадзе пройдзе з 13.00 да 17.00, уваход свабодны.