3 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" і Нацыянальны мастацкі музей у Год культуры плануюць выпусціць дзве знакавыя кнігі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з выданняў, рэпрэзентатыўнае, прысвечана 25-годдзю суверэннай Беларусі. "У гэтыя гады плённа працавалі многія мастакі, якія ў сваіх творах імкнуліся прадставіць Беларусь. Праз гэтыя работы мы і пакажам нашу суверэнную краіну", - адзначыў Уладзімір Андрыевіч.
Яшчэ адна кніга, якая выйдзе ў свет у Год культуры, будзе прысвечана правіцелям і магнатам Вялікага Княства Літоўскага. "Гэта будзе рарытэтнае выданне. Мы пачалі ўжо грунтоўную работу, у якой прымуць удзел вядомыя беларускія мастацтвазнаўцы, спецыялісты Нацыянальнага мастацкага музея. У пачатку восені адбудзецца форум музейных работнікаў краін СНД, і да гэтага часу мы плануем падрыхтаваць выданне", - расказаў Уладзімір Андрыевіч.
Да Года культуры таксама прымеркаваны выхад мнагатомнай энцыклапедыі "Культура Беларусі". У выглядзе невялікіх артыкулаў у ёй адлюстравана культурная шматграннасць краіны, гісторыя культуры і яе сучасны стан. Энцыклапедыя ўяўляе сабой універсальны даведнік па тэарэтычных аспектах гісторыі культуры, культуралогіі, эстэтыкі, літаратура- і мовазнаўства, мастацтвазнаўства, па канкрэтных пытаннях развіцця літаратуры, кнігадрукавання, выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, архітэктуры, музыкі, тэатра, кіно, цырка, эстрады і г.д. Размешчаны артыкулы аб сучасных прафесійных і аматарскіх калектывах, фестывалях, якія сталі знакавымі ў культурным жыцці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Усяго за амаль 50-гадовы перыяд дзейнасці выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" падрыхтавала і выпусціла ў свет больш як 2 тыс. энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў, слоўнікаў, іншай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры.