13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі студатрадаўскага руху ў час урачыстай цырымоніі закрыцця трэцяга працоўнага семестра 2024 года на Усебеларускім злёце студэнцкіх атрадаў уручылі ў падарунак Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сімвалічны памятны падарунак - будаўнічую кельню, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кельня лічыцца галоўным інструментам, які сімвалізуе будаўніцтва, кансалідацыю народа, захаванне і ўмацаванне ідэй міру, стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы.
На паверхні рабочай часткі кельні ў тэхніцы гальванічнай гравіроўкі нанесены выявы аб'ектаў усебеларускіх маладзёжных будоўляў: частка Аўгустоўскага канала, аб'екты БелАЭС, музей Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь", аб'екты Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці.
Узяўшы ў рукі кельню і ацаніўшы яе, Прэзідэнт адзначыў, што гэты прадмет - выключна сувенірны. "Гэтай прыладай калі дзень папрацаваць - жыць не захочацца. Кілаграм пяць важыць", - з гумарам заўважыў Аляксандр Лукашэнка. У студэнцкія гады ён сам удзельнічаў у студатрадаўскім руху, працаваць даводзілася ў тым ліку і кельняй. "За адно лета ў будатрадзе навучыўся цагляную кладку рабіць, а за другое - спасціг прамудрасці працы меліярацыйнай брыгады", - падзяліўся ўспамінамі кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падзякаваў за такі арыгінальны падарунак і паабяцаў перадаць яго ў Палац Незалежнасці, дзе размешчаны музей падарункаў, перададзеных кіраўніку дзяржавы лідарамі іншых краін, палітычнымі, грамадскімі дзеячамі, вядомымі людзьмі, а таксама працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі.