29 лістапада, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Пінскім раёне аднавілі старадаўні звычай правядзення "Пiлiпaўскiх вячорак". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і побыту "Спадчына Палесся" Ганна Кузюр.
Традыцыя вячорак цесна звязана з перадкалядным (Піліпавым) постам, які пачынаецца 28 лістапада і заканчваецца 7 студзеня. У гэты час жанчыны і дзяўчаты па вечарах збіраліся разам у адным з вясковых дамоў, каб папрацаваць і павесяліцца. Сялянкі звычайна пралі, вышывалі або займаліся нейкім іншым рукадзеллем, спявалі, танцавалі, жартавалі, гулялі ў карты і расказвалі гісторыі. Заглядалі на вячоркі і маладыя людзі - для іх гэта была добрая магчымасць нагледзець сабе нявесту.
З часам такая традыцыя правядзення вольнага часу стала рэдкасцю ў сельскай мясцовасці. У Мерчыцкім цэнтры традыцыйнай культуры і побыту вырашылі аднавіць звычай, каб захаваць яго. "Мы імкнёмся адрадзіць страчаныя абрады. Мясцовыя жыхаркі падзяліліся, што раней сяляне збіраліся на "Піліпаўскія вячоркі", расказалі, чым займаліся. Мы вырашылі аднавіць звычай. Да гэтай работы абавязкова прыцягваем дзяцей, каб яны ўбачылі, чым займаліся нашы продкі, цанілі і захоўвалі традыцыі", - адзначыла Ганна Кузюр.
У Мерчыцах рэканструявалі "Піліпаўскія вячоркі" ў адной з залаў цэнтра традыцыйнай культуры і побыту. Жанчыны з фальклорнага калектыву "Палясяначкi" рукадзельнічалі і спявалі, іх мужчыны-калегі паклапаціліся пра музычнае суправаджэнне. Адчуць на сабе атмасферу старадаўняга звычаю змаглі і школьнікі.
Палешукі беражліва ставяцца да захавання народных традыцый. Дарэчы, восенню рэканструявалі элемент вясельнага абраду "Вынас каравая". "Мясцовыя жыхары падказваюць, што і як было раней. Абмяркоўваем разам і аднаўляем старадаўнія звычаі, абрады, традыцыі. Шмат усяго цікавага, не хочацца страціць гэту спадчыну", - адзначыла загадчыца Мерчыцкага цэнтра традыцыйнай культуры і побыту. Ганна Кузюр дадала, што пасля заканчэння посту абавязкова будуць адноўлены калядныя традыцыі з элементамі тэатралізацыі.