15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У час гастрольнага туру па Кітаі трупы класічнага балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў горадзе Далянь правінцыі Ляанін адбыўся паказ балета "Спячая прыгажуня" Пятра Чайкоўскага. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў пасольстве нашай краіны ў Пекіне.
Выступленне наведалі дэлегацыя кіраўніцтва муніцыпальнага народнага ўрада Даляня на чале з віцэ-мэрам горада Лэн Сюйфэнам і прадстаўнікі пасольства. Кіраўніцтва горада вітала аднаўленне культурнай дыпламатыі. Былі таксама выказаны ўдзячнасць за паказ і пажаданні трупе творчых поспехаў і яркіх пастановак.
Кітайскія гледачы па заслугах ацанілі прафесіяналізм беларускіх артыстаў, а таксама сцэнічныя дэкарацыі, маляўнічыя касцюмы. Гастрольны тур класічнага балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра па Кітаі праходзіць з 20 ліпеня па 20 жніўня.
Гастролі тэатра адноўлены пасля трохгадовага перапынку, звязанага з антыкавіднымі абмежаваннямі.