19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам спорту і па справах моладзі Арменіі падпісана праграма супрацоўніцтва ў галіне фізічнай культуры і спорту на 2015-2016 гады. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе спартыўнага ведамства краіны.
Подпісы пад дакументам паставілі міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Шамко і міністр спорту і па справах моладзі Арменіі Габрыэл Казаран.
"Асноўная мэта праграмы - ажыццяўленне комплексу мер па развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва для забеспячэння роўных правоў грамадзян на займанне фізічнай культурай і спортам, стварэння сістэмы падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа, спартыўнага рэзерву да міжнародных спартыўных мерапрыемстваў і эфектыўнага выкарыстання спартыўных баз", - растлумачылі ў прэс-службе.
Як паведамляецца, рэалізацыя праграмы прадугледжвае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў кіравання фізічнай культурай і спортам, грамадскіх і рэгіянальных спартыўных арганізацый, а таксама навучальных, навуковых, медыцынскіх устаноў спартыўнага профілю дзвюх краін. Плануецца, што нацыянальныя і зборныя каманды Беларусі і Арменіі прадоўжаць выступаць у афіцыйных міжнародных спаборніцтвах, якія праводзяцца на іх тэрыторыях, а таксама ў адкрытых чэмпіянатах і першынствах. Акрамя таго, адчынены дзверы для ўдзелу спартыўных дэлегацый у афіцыйных спартыўна-масавых мерапрыемствах дзвюх дзяржаў.
Падпісаная праграма таксама прадугледжвае супрацоўніцтва Беларусі і Арменіі ў галіне антыдопінгавага кантролю, а таксама шэраг іншых напрамкаў.