4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сольны канцэрт беларускай опернай прымы Аксаны Волкавай упершыню адбудзецца ў Мінску 13 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.
У Вялікім тэатры Аксана Волкава працуе на працягу 15 сезонаў, таму канцэрт, які называецца "Аксана Волкава - Solo", можна назваць юбілейным.
Паводле слоў прымы, праграма канцэрта складзена такім чынам, каб беларускія паклоннікі опернага мастацтва пачулі музыку з тых опер, якія пакуль не ўваходзяць у рэпертуарную афішу тэатра. Яе партнёрамі будуць калегі - спевакі, з якімі адбываліся сустрэчы ў час розных праектаў.
"Паколькі меца-сапрана часцей за ўсё спявае ў дуэце з тэнарам, у такіх операх, як, напрыклад, "Кармэн", "Самсон і Даліла", "Аіда", "Майская ноч", я запрасіла трох цудоўных тэнараў. Саліст Вялікага тэатра Расіі Сяргей Радчанка - выпускнік Маладзёжнай опернай праграмы Вялікага тэатра Расіі, які выступае сёння на вядомых сусветных пляцоўках. Міхаіл Малафій - саліст Львоўскай оперы, пераможца II Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, ён даволі часта прыязджае да нас як запрошаны саліст і даўно стаў любімцам мінскай публікі. Саліст Саратаўскага тэатра оперы і балета, запрошаны саліст Вялікага тэатра Расіі, Маскоўскага музычнага тэатра "Гелікон-опера" тэнар Ілья Гоўзіч - беларус, ён скончыў беларускую Акадэмію музыкі. Адзіны барытон, які прыме ўдзел у канцэрце, - цудоўны і ўсімі намі любімы саліст беларускай оперы Станіслаў Трыфанаў", - расказала Аксана Волкава.
За дырыжорскім пультам - Вячаслаў Воліч. Рэжысёр канцэрта - Міхаіл Панджавідзэ. У канцэрце прымае ўдзел хор пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра Ніны Ламановіч і аркестр тэатра. Прагучаць сцэны і арыі з опер "Барыс Гадуноў" Мадэста Мусаргскага, "Сельскі гонар" П'етра Масканьі, "Фаварытка" Гаэтана Даніцэці, "Самсон і Даліла" Каміля Сен-Санса і інш.
Голас беларускай спявачкі ведаюць оперныя меламаны ўсяго свету: яна бліскуча выступала ў Каралеўскім тэатры "Ковэнт-Гардэн" у Лондане, міланскім тэатры "Ла Скала" і Каралеўскім оперным тэатры ў Мадрыдзе. Аксана Волкава як запрошаная салістка спявала на сцэне Тэатра Масіма ў Палерма і Оперы Ніцы ў Францыі, у Teatro dell’opera Giocosa ў Італіі, у спектаклях Вялікага тэатра ў Маскве, "Метраполітэн-опера" ў Нью-Ёрку, Пекінскай оперы і інш.
Спявачка прыняла ўдзел у канцэртах Нацыянальнага філарманічнага аркестра і камернага аркестра "Віртуозы Масквы" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Співакова ў гарадах краін СНД і Швейцарыі.