23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Школьнікаў 10-15 гадоў на асенніх канікулах прыме містычна-гістарычны лагер "Дзікае паляванне" па матывах твораў беларускіх пісьменнікаў, паведамілі БЕЛТА арганізатары.
Канцэпцыя і ідэя лагера поўнасцю вытрымана ў стылістыцы твораў Уладзіміра Караткевіча і Яна Баршчэўскага.
Месца размяшчэння - на базе лагера "Легенда" ў аўтэнтычным і маляўнічым кутку ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці. Гэта сядзіба "Запаведны востраў", якая стагоддзі таму была стаянкай крывічоў, знаходзіцца на востраве паміж азёрамі Івесь і Азярко.
На працягу шасці дзён з 29 кастрычніка па 4 лістапада дзеці пройдуць квест па мясцінах міфічнай Беларусі, загадкі якога заснаваны на рэальных гістарычных фактах, існуючых легендах і эпізодах з твораў Караткевіча і Баршчэўскага. Арганізатары падрыхтавалі сапраўдную, з духам містыкі і загадкавасці, рэканструкцыю знакамітых твораў "Дзікае паляванне караля Стаха" і "Шляхціч Завальня". Удзельнікаў чакае чатырохразовае харчаванне беларускімі народнымі стравамі.
Адукацыйны складнік - адна з ключавых у праграме. Інтэрактывы, гульні, прыгоды і арыгінальныя задачы - такое вывучэнне беларускіх традыцый, гісторыі і культуры будзе яркім і карысным для развіцця дзіцяці. Падлеткі не толькі далучацца да беларускіх звычаяў, паўдзельнічаюць у прыгодніцкіх выпрабаваннях па Беларусі Караткевіча і Баршчэўскага, але і зробяць падарожжа ў горад-летапіс, радзіму Ефрасінні Полацкай, Усяслава Чарадзея, Францыска Скарыны - Полацк. Але гэта будзе незвычайная экскурсія, тут арганізатары таксама рыхтуюць сюрпрызы, якія дапамогуць удзельнікам наблізіцца да разгадкі галоўнай тайны лагера.