1 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Сертыфікат аб прысваенні Брэсту статусу культурнай сталіцы СНД будзе ўручаны 5 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД.
"Беларускі горад Брэст афіцыйна прымае паўнамоцтвы культурнай сталіцы Садружнасці. Сертыфікат, які пацвярджае гэты ганаровы статус, будзе ўручаны сустаршынёй Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД Міхаілам Швыдкім 5 красавіка на гала-канцэрце майстроў мастацтваў у брэсцкім спарткомплексе "Вікторыя", - адзначылі ў фондзе.
У канцэрце прымуць удзел калектывы і дзеячы мастацтваў з усіх краін Садружнасці, у тым ліку Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, рускі народны аркестр "Масква", украінскае вакальна-інструментальнае трыа "Лелія", кампазітар Яўген Дога (Малдова), спявак Рэнат Ібрагімаў (Расія), салістка Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Узбекістана Шырын Маматава і іншыя выканаўцы.
У праграме значацца выстава твораў майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і круглы стол "Інтэграцыя нацыянальных культур у сучасным свеце". Да ўрачыстасцей у культурнай сталіцы СНД прымеркаваў сваю чарговую акцыю і міжнародны гуманітарны праект "Мінская ініцыятыва", які правядзе ў Брэсце літаратурныя чытанні, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння паэта-франтавіка Барыса Слуцкага.
Гасцей горада чакае шырокая праграма азнаямлення з выдатнымі мясцінамі новай культурнай сталіцы і наведванне ўнікальнага запаведніка "Белавежская пушча".
За год знаходжання ў статусе культурнай сталіцы СНД Брэст плануе прыняць каля 40 міжнародных мерапрыемстваў. Мэр Брэста Аляксандр Рагачук перакананы, што гэта надасць гораду, якому ў бягучым годзе спаўняецца 1000 гадоў, дадатковую інвестыцыйную і турыстычную прывабнасць.