6 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет па забеспячэнні фінансавай стабільнасці плануецца стварыць у Беларусі, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рэкамендацыю па стварэнні такога савета даў Міжнародны валютны фонд па выніках красавіцкай місіі ў Беларусь. Як чакаецца, узначаліць савет могуць старшыня праўлення Нацбанка і першы намеснік прэм'ер-міністра. Прапановы па стварэнні савета будзе разглядаць урад.
"Пазіцыя Нацыянальнага банка адназначная - гэты савет патрэбны. Такая ініцыятыва была яшчэ да прыезду місіі", - адзначыў старшыня праўлення Нацбанка.
Каменціруючы ў цэлым ацэнку Міжнароднага валютнага фонду фінансавай стабільнасці Беларусі, Павел Калаур адзначыў, што Нацбанк адрэагуе на рэкамендацыі арганізацыі, аднак прыняцця нейкіх кардынальных мер не чакаецца.