9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Святкаванне Дня Перамогі ў Мінску завяршылася салютам у 30 залпаў, паведамляе БЕЛТА.
Урачыстасці пачаліся з рэспубліканскай акцыі "Беларусь помніць" і ўскладання вянкоў да манумента Перамогі ў Мінску. У цырымоніі прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі дзяржорганаў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, грамадскасць, прадстаўнікі маладзёжных і дзіцячых арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў. Завяршылася цырымонія масавым выкананнем песні "Дзень Перамогі".
Ва ўсіх раёнах сталіцы 9 мая прайшлі культурныя, спартыўныя, інфармацыйныя і іншыя мерапрыемствы. Галоўным месцам правядзення гарадскога свята стала пляцоўка каля Палаца спорту. У канцэртных праграмах прынялі ўдзел творчыя калектывы і выканаўцы Мінска, прайшла выстаўка-кірмаш майстроў народнай творчасці. Каля Палаца спорту адбыўся міжнародны турнір па сілавым экстрыме, а ў парку Перамогі - усебеларускія прыгодніцкія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы "Забег адважных".
Увечары на плошчы Перамогі адбыўся святочны канцэрт тэлепраекта "Плошча Перамогі - 2017". У канцэртнай праграме былі тэатралізаваны музычны паказ і тэматычнае
3D-шоу, якое адбылося ўпершыню ў Мінску на двух будынках, што за манументам Перамогі, у суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.Святочныя акцыя, канцэрты, шэсці і іншыя мерапрыемствы з нагоды 72-й гадавіны Перамогі прайшлі таксама ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Святочны салют 9 мая
прагрымеў у пяці кропках сталіцы: у раёне пл. Перамогі; паблізу стэлы "Мінск - горад-герой" на пляцоўцы перад Камсамольскім возерам; на ўзлётным полі ў аэрапорце Мінск-1; у вёсцы Зацень, паблізу вадасховішча Дразды; у мікрараёне Усходні ва Уруччы, у паркавай зоне 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Такім чынам, за салютам магла назіраць максімальная колькасць жыхароў і гасцей Мінска. Салют таксама прагрымеў у Брэсцкай крэпасці, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве.