7 верасня, Мінск /Вікторыя Апанасёнак - БЕЛТА/. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі запланаваў дзевяць праектаў у новым тэатральным сезоне. Аб гэтым паведаміў журналістам дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў Уладзіміра Карачэўскага, да канца 2016 года ў тэатра запланаваны чатыры прэм'ерныя пастаноўкі. Цяпер ідзе падрыхтоўка прэм'еры паводле п'есы Андрэя Іванова "Гэта ўсё яна", якая адбудзецца 7 кастрычніка. Наступны праект - п'еса Юліі Чарняўскай "Сіндром Медэі". Мяркуецца, што тэатр узбагаціцца новым жанрам камедыі дзякуючы пастаноўцы спектакля "Спатканні па серадах" Валянціна Краснагорава. У сярэдзіне снежня плануецца прадставіць гледачу дзіцячую казку "Незвычайныя прыгоды Мішуткі і яго сяброў".
"У гэтым годзе тэатр будзе аказваць падтрымку ў міжнародным фестывалі "ТЭАРТ". На нашай пляцоўцы будзе праходзіць шэраг дадатковых мерапрыемстваў: сустрэчы, чыткі, а таксама паказ чатырох спектакляў форуму", - адзначыў дырэктар РТБД.
У кастрычніку зноў на базе РТБД пачнуць праходзіць майстар-класы для дзяцей, якія прыязджаюць з Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, Канады, Марока і іншых краін. Арганізатары плануюць 16-17 снежня на асноўнай сцэне паказ спектакля французскага тэатра. У ім прымуць удзел беларусы, якія праходзілі стажыроўку на радзіме, а цяпер паспяхова працуюць у Францыі.
У студзені гледачоў парадуе спектакль-канцэрт, у якім галоўная роля адведзена народнай артыстцы Беларусі Таццяне Мархель. Гэта будзе праект, дзе яна прадставіць сваю творчасць, беларускае слова і песню.
Люты запомніцца мерапрыемствам "Нам - 25", прысвечаным юбілею тэатра.
Летам 2017 года пачнуцца рэпетыцыі класічнага спектакля рэжысёра Яўгена Карняка, а ў верасні таго ж года адбудзецца прэм'ера яго работы.