1 чэрвеня, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Рэкордная колькасць кампаній прыме ўдзел у выстаўцы "Белагра-2016", паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтай выстаўцы прыме ўдзел 517 кампаній, гэта рэкорд за ўвесь час, што мы яе праводзім. Яны прыедуць з 23 краін свету", - адзначыў першы намеснік міністра. Сярод іх будуць прадстаўнікі такіх дзяржаў, як Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, ЗША, Турцыя, Францыя, Чэхія, Кітай, Эстонія.
Асаблівасцю сёлетняй выстаўкі стане і тое, што яна будзе праходзіць у час Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. "Важна, што адкрыццё і "Белагра", і форуму пройдзе сумесна на тэрыторыі аэрапорта. На выстаўцы запланаваны час для падпісання пагадненняў і кантрактаў з расійскімі калегамі. На "Белагра" будуць прадстаўлены шэсць рэгіёнаў Расіі, у іх будзе асобная экспазіцыя", - растлумачыў Леанід Марыніч.
У сувязі з правядзеннем Форуму рэгіёнаў упершыню на "Белагра" прадставяць сацыяльны сектар. "Будуць экспазіцыі, якія дэманструюць, што і як зроблена ў нас у вёсцы. Таксама свае экспазіцыі рыхтуюць Мінбудархітэктуры, прадпрыемствы легпрама, упершыню прадукцыю прадставіць ваенна-прамысловы комплекс. Будзе паказаны ўвесь комплекс народнай гаспадаркі, усе галіны эканомікі", - расказаў першы намеснік міністра.
На выстаўцы прадставяць асноўныя дасягненні галіны. "І галоўным з іх з'яўляецца тое, што за апошнія гады АПК нарасціў экспарт, сёння мы пастаўляем прадукцыі на суму амаль $4,4 млрд і нараўне з прамысловым комплексам з'яўляемся асноўнай галіной, якая зарабляе валюту для краіны", - падкрэсліў Леанід Марыніч.
У час "Белагра" пройдзе і традыцыйная падсекцыя "Белпрадукт". Упершыню яна будзе арганізавана ў фармаце рэгіёнаў - кожная вобласць пакажа сваю прадукцыю адным выставачным комплексам. Акрамя таго, будзе арганізавана рыбацкая вёска, дзе прадукцыю прадставяць рыбныя прадпрыемствы.
Міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Белагра", "Белферма", "Белпрадукт", "Прадмаш. Холад. Упак" і "Харчовая індустрыя" пройдуць у час Беларускага аграпрамысловага тыдня з 7 па 11 чэрвеня. Мерапрыемствы разгорнуцца на тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Навінкі прадставяць практычна ўсе прадпрыемствы краіны, якія вырабляюць тэхніку, што мае адносіны да сельскай гаспадаркі.
Калектыўныя экспазіцыі традыцыйна арганізуюць Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана тэхналогіям забеспячэння сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці. Прафесійным суправаджэннем выставак стане дзелавая праграма, насычаная мерапрыемствамі па розных напрамках развіцця аграпрамысловага сектара. Плануецца наведванне выстаўкі "Белагра-2016" удзельнікамі ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі.