21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску завяршыўся чэмпіянат Еўропы па хуткіх шахматах (рапідзе) і бліцы, які праходзіў у Палацы спорту. Першае месца ў турніры па хуткіх шахматах заняў расіянін Іван Папоў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Пераможца набраў 10 балаў з 11 магчымых. Другое месца ў Гранта Мелкумяна з Арменіі (9,5 ачка). На трэцюю прыступку п'едэстала гонару ўзняўся ўкраінец Вадзім Разін (9 ачкоў).
Сярод беларускіх майстроў шахмат самы высокі рэзультат у рапідзе паказаў Аляксей Фёдараў - 9-е месца.
На старце чэмпіянату Еўропы, турнір па бліцы выйграў азербайджанскі шахматыст Раўф Мамедаў. Ён набраў 18 ачкоў, столькі ж балаў на рахунку расіяніна Барыса Саўчанкі, але азербайджанскі шахматыст атрымаў на турніры на адну перамогу больш: дзевяць супраць васьмі ў сярэбранага прызёра. Трэцяе месца ў бліцы засталося таксама за прадстаўніком Расіі Аляксандрам Разанцавым - 17 ачкоў.
Лепшым сярод беларускіх шахматыстаў стаў гросмайстар Сяргей Жыгалка, які набраў 16 ачкоў і размясціўся на 12-м месцы падагульняючага пратакола.
Мінскі чэмпіянат Еўропы па хуткіх шахматах і бліцы стаў самым буйным турнірам для гэтага віду спорту ў Беларусі за апошнія 15 гадоў. У ходзе турніру Мінск наведаў кіраўнік міжнароднай шахматнай федэрацыі (ФІДЭ) Кірсан Ілюмжынаў, а таксама прэзідэнт Еўрапейскага шахматнага саюза Зураб Азмайпарашвілі, які на цырымоніі закрыцця падзякаваў за бездакорную арганізацыю турніру і адзначыў, што Беларусь у 2017 годзе мае высокія шанцы правесці асабісты чэмпіянат Еўропы сярод мужчын.
На чэмпіянат Еўропы ў Мінск прыехалі амаль 1 тыс. ігракоў з 31 краіны. Сярод іх - многія вядучыя шахматысты, якія ўваходзяць у першую сотню сусветнага рэйтынгу, удзельнікі і фіналісты чэмпіянатаў свету і Еўропы, кубкаў свету, матчаў і турніраў прэтэндэнтаў на сусветную шахматную карону.
Арганізатарамі чэмпіянату Еўропы выступілі Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальны алімпійскі камітэт, Мінгарвыканкам, Беларуская федэрацыя шахмат.