3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прынятыя ў Беларусі меры далі магчымасць папярэдзіць 840 выпадкаў каранавіруса ў дзень, паведаміла журналістам намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сітуацыя застаецца кантралюемай. Меры, якія прымаюцца намі з 20-х чысел студзеня, як разлічылі нашы эпідэміёлагі, далі магчымасць папярэдзіць на сёння 840 выпадкаў у дзень", - сказала Алена Богдан.
Размова ідзе аб мерах, накіраваных на выяўленне пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, іх кантактаў і шпіталізацыю кантактаў першага ўзроўню, а таксама на правядзенне проціэпідэмічных мерапрыемстваў на ўсёй тэрыторыі краіны. Інакш, як адзначыла намеснік міністра, у плане эпідэміялагічнай абстаноўкі Беларусь нічым не адрознівалася б ад суседніх краін, дзе склалася напружаная сітуацыя з захваральнасцю на каранавірус.
У Беларусі на сёння зарэгістраваны 351 выпадак каранавіруснай інфекцыі. Сітуацыя застаецца кантралюемай.