7 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Сацыяльна-асветная ўстанова "УНОВІС-ФОРУМ" (Віцебск) і Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт аб'явілі міжнародны конкурс "Арт-эскіз. УНОВІС 100", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Прафесіяналам і студэнтам прапануюць стварыць прынты для адзення (майка, худзі і інш.), сумак і масак, выкарыстоўваючы ідэі УНОВІС. Арганізатары праз юбілейную прадукцыю маюць намер паказаць уплыў аб'яднання на сучасныя сусветныя інавацыйныя працэсы трансфармацыі візуальнай мовы ў мастацтве і дызайне, узаемасувязь вядучых школ дызайну ХХ стагоддзя.
Файлы праектаў трэба адпраўляць на адрас unovis-forum@yandex.by. У назве файла павінна быць пазначана інфармацыя пра аўтара: імя лацінкай, горад, намінацыя конкурсу, назва работы (або некалькіх эскізаў) і адрас электроннай пошты. Таксама павінен быць кароткі слоган або дэвіз, які перадасць сутнасць малюнка. Эскізы прымаюцца да 17 снежня.
У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Нідэрландаў і Расіі. Узнагародзяць лепшых у канцы снежня. Выставы конкурсных работ пераможцаў пройдуць на пляцоўках Віцебска і Эйндховена (Нідэрланды).