15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Інтэрактыўная выстаўка "З вышыні вялікага юбілею: Мележу і Шамякіну прысвячаецца" з цыкла "Літаратура ў мастацтве" адкрыецца 16 лютага ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўстанове.
Арганізатары паставілі перад сабой мэту з дапамогай выстаўкі азнаёміць шырокую аўдыторыю з выдатнымі творамі беларускіх класікаў, якія перакладзены не толькі на мовы народаў свету, але і на мову кінематографа.
"Гэта экспазіцыя прадаўжае цыкл выставак Прэзідэнцкай бібліятэкі, прысвечаных найбольш вядомым творам айчыннай літаратуры, кнігам, на якіх выхавана не адно пакаленне беларусаў і якія з'яўляюцца нашай візіткай у сусветнай культурнай прасторы. Адметным у гэтай выстаўцы будзе тое, што Іван Мележ і Іван Шамякін разглядаюцца як шматгранныя асобы, яны былі не толькі пісьменнікамі, але і грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, якія ўплывалі на многія дзяржаўныя рашэнні. Іх кнігі былі не проста адлюстраваннем часу, але і ідэалагічнай асновай грамадскага жыцця", - адзначылі арганізатары.
На выстаўцы прадставяць творы Івана Мележа і Івана Шамякіна з аўтографамі, творы аўтараў у перакладзе на замежныя мовы, выданні, якія сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Акрамя таго, на выстаўцы наведвальнікі ўбачаць дакументы, матэрыялы і фотаздымкі, прысвечаныя грамадскай і палітычнай дзейнасці пісьменнікаў: дэпутацкія мандаты, пісьмы з адказамі на дэпутацкія запыты, тэксты выступленняў перад выбаршчыкамі, выступленняў на пасяджэннях Савета міру.
Арганізатары лічаць, што асаблівую цікавасць у гледачоў павінны выклікаць касцюмы і рэквізіт з фільмаў, знятых па творах класікаў, а таксама альбомы фотапроб кінастужак. На мерапрыемстве выступяць рэжысёры, якія здымалі карціны па кнігах пісьменнікаў Вячаслаў Нікіфараў і Іван Паўлаў, а таксама акцёры, якія ігралі ролі ў гэтых фільмах.
Партнёрамі Прэзідэнцкай бібліятэкі ў гэтым праекце з'яўляюцца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.
Усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй да 1 сакавіка.