20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі выступіў Прэзідэнцкі аркестр, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай чыгункі.
"Сумесны музычны праект Беларускай чыгункі і Прэзідэнцкага аркестра пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Віктара Бабарыкіна прайшоў на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 155-годдзю Беларускай чыгункі", - расказалі ў прэс-службе. На працягу гадзіны з 12.40 да 13.40 у зале чакання на трэцім паверсе вакзала гучалі сусветныя хіты і нацыянальныя мелодыі розных краін.
БЧ таксама назвала двухмільённага інтэрнэт-пасажыра 2017 года. Ім стаў Ілья Кашпур. Яму ўручылі імянны сертыфікат, што пацвярджае статус, і памятны сувенір. На працягу года Ілья Кашпур зможа бясплатна карыстацца паслугамі "СВ Клуба" на вакзале станцыі Мінск-Пасажырскі.
Двухмільённы інтэрнэт-пасажыр 2017 года зробіць паездку 4 студзеня 2018 года па маршруце Мінск-Брэст-Варшава.