20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ера п'есы маладога беларускага драматурга Аляксандра Савухі "Метро" адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа ў час закрыцця тэатральнага сезона 20 і 21 жніўня. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў тэатры.
Жанр спектакля - цёмная камедыя са святлом у канцы тунэлю. "Паспяховы бізнесмен Дзіма вымушаны ехаць на важную сустрэчу на метро. Перамяшчаючыся ў падземным свеце, ён разумее, што тут размешчаны цэлы горад, мегаполіс з дзевяццю кальцавымі. Герой хоча выбрацца наверх, вырвацца з палону, і дзеля гэтага гатовы на ўсё. Але як выйсці да святла, калі заблукаў пад зямлёй?" - расказалі пра пастаноўку.
Спектакль стаў рэжысёрскім дэбютам мастака-сцэнографа Андрэя Жыгура. Коласавец працуе ў тэатры з 2006 года, стварыў сцэнічнае афармленне звыш 20 спектакляў. З 2017 года ўваходзіць у склад Беларускага саюза мастакоў у секцыі тэатральных мастакоў. Прадстаўляў Беларусь на міжнародных маладзёжных тэатральных форумах краін СНД, Балтыі і Грузіі.
Спектакль пастаўлены за кошт сродкаў гранта, выйгранага тэатрам па выніках праведзенага Міністэрствам культуры конкурсу рэжысёрскіх эксплікацый.