10 лютага, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Прэм'ера камедыі Мальера "Хітрыкі Скапэна" адбудзецца ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа 18 і 19 лютага, паведаміў БЕЛТА літаратурны рэдактар тэатра Юрый Іваноўскі.
Вялікі камедыёграф Жан-Батыст Мальер жыў і тварыў у XVII стагоддзі, ён лічыцца стваральнікам класічнай камедыі. Месца дзеяння інсцэніраванага твора - Неапаль, тэмпераментныя героі - бацькі і дзеці, мафія і цыганы, але ў першую чаргу геніяльны слуга і хітрун Скапэн, які "пасварыўся з правасуддзем". "Захапляльная, тэмпераментная і вельмі смешная гісторыя пра выхадкі дасціпнага, хітрага і невычарпальнага на выдумкі слугі, які садзейнічае шчасцю закаханых сэрцаў. Забаўныя камедыйныя сітуацыі, яркія, непрадказальныя павароты сюжэту вызначаюць атмасферу гэтага камедыйнага і ў той жа час кранальнага спектакля", - адзначыў Юрый Іваноўскі.
"Нельга апускаць рукі, нават калі жыццёвыя абставіны складваюцца супраць цябе, трэба актыўна дзейнічаць, і вельмі добра, калі знойдзецца чалавек, у якім можна знайсці падтрымку", - так ахарактарызавала галоўную ідэю рэжысёр спектакля Ірына Цішкевіч. Яна пераканана, што камедыя абавязкова павінна быць на сцэне нават самых сур'ёзных тэатраў. "У гледачоў існуе патрэбнасць у добрым, абаяльнам гумары", - адзначыла рэжысёр.