5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Правядзенне Генасамблеі МЭК у Беларусі атрымала самыя пазітыўныя водгукі ўдзельнікаў з розных краін. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Японіі Сяргея Рахманава з прэзідэнтам Міжнароднай электратэхнічнай камісіі, саветнікам карпарацыі Panasonic доктарам Дзюндзі Намура, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
На сустрэчы абмяркоўваліся вынікі праведзенай у Беларусі ў кастрычніку Генеральнай асамблеі МЭК.
"Прэзідэнт МЭК высока ацаніў арганізацыйны і змястоўны ўзровень, на якім была праведзена Генасамблея МЭК. Дзюндзі Намура падкрэсліў, што мерапрыемства атрымала самыя пазітыўныя водгукі ад удзельнікаў з розных краін свету", - праінфармавалі ў прэс-службе МЗС.
Адзначаны высокі ўзровень стандартызацыі і сертыфікацыі ў электратэхнічнай сферы ў Беларусі і падкрэслена роля такіх буйнамаштабных форумаў для прыцягнення ў краіну міжнароднага бізнесу.
Бакі таксама абмеркавалі магчымасці пашырэння беларуска-японскага супрацоўніцтва ў тэхналагічнай і інвестыцыйнай сферы з удзелам карпарацыі Panasonic.
У Генасамблеі МЭК прынялі ўдзел больш за тысячу прадстаўнікоў з 86 краін. Дэлегацыя Японіі на ГА МЭК складалася з амаль 100 чалавек і была адной з найбольш шматлікіх і прадстаўнічых.