12 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Праграма правядзення конкурсу выканаўцаў эстраднай песні на "Славянскім базары ў Віцебску" з бягучага года зменіцца. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" і фестывалю Глеб Лапіцкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы не будзем праводзіць у гэтым годзе паўфінал. Адразу прыедуць выканаўцы, якія з'яўляюцца фіналістамі, таму што кожны нацыянальны адбор праходзіць пры ўдзеле непасрэдна прадстаўнікоў дырэкцыі фестывалю", - сказаў Глеб Лапіцкі.
Паводле яго слоў, большая накіраванасць зроблена на нацыянальныя адборы, якія пройдуць больш як у 20 краінах, у тым ліку ў новым фармаце. "Будуць не толькі нацыянальныя адборы для краіны, у якой ён праводзіцца, але і аб'яднаныя нацыянальныя адборы. Напрыклад, у сакавіку ў Рызе адбудзецца еўрапейскі нацыянальны адбор, у ім прымуць удзел прадстаўнікі Латвіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі, Германіі і іншых краін. На зусім новым узроўні пройдзе адбор у Вялікабрытаніі", - сказаў Глеб Лапіцкі. Ён падкрэсліў, што такая цікавасць сведчыць аб запатрабаванасці праекта.
Для ўдзелу ў конкурсе будзе адабрана не больш за 18 выканаўцаў. У першы дзень фіналу канкурсанты выканаюць любы славянскі хіт у суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, у другі дзень - сусветны хіт у суправаджэнні шоу-балета Алы Духавай Todes. На кожны з дзён фіналу запланаваны другія аддзяленні: сольныя праграмы народнай артысткі Грузіі Тамары Гвердцытэлі, якая ўвойдзе ў склад журы, і шоу-балета Алы Духавай.
Сёлета фестываль пройдзе з 8 па 17 ліпеня. Урачыстая цырымонія і гала-канцэрт адкрыцця форуму адбудзецца ў Летнім амфітэатры 11 ліпеня, закрыцця - 15 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 8-10 і 16-17 ліпеня. Асноўнымі падзеямі фестывалю стануць XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2019" і XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс "Віцебск-2019".