28 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі КНР наведаюць з прэс-турам Беларусь 29 красавіка - 4 мая. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Доме прэсы.
Мэтай прэс-туру стане папулярызацыя беларускіх тавараў на кітайскім рынку, садзейнічанне экспарту турыстычных паслуг, умацаванне адносін паміж дзвюма краінамі.
Журналісты з Кітая наведаюць вядомыя славутыя мясціны Беларусі, пабываюць у Белавежскай пушчы, Брэсцкай крэпасці і Мірскім замку. На прыкладзе Нацыянальнага мастацкага музея і Вялікага тэатра оперы і балета яны пазнаёмяцца з беларускім мастацтвам.
Госці з Паднябеснай пабываюць на вядучых беларускіх прадпрыемствах - вытворцах малочнай і кандытарскай прадукцыі. Іх азнаёмяць са спецыфікай работы на "Савушкіным прадукце" і "Камунарцы". Раскажуць журналістам і пра развіццё ў Беларусі медыцынскай галіны. Для гэтага яны наведаюць Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння ў Салігорску.
Прадстаўнікі кітайскіх сродкаў масавай інфармацыі прымуць удзел у адкрыцці XХII Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "СМІ ў Беларусі". Для іх таксама будзе арганізавана прэс-канферэнцыя старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.