1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі 98 краін атрымалі медыцынскія паслугі ў Беларусі ў I квартале 2017 года, паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Вячаслаў Шыла на пасяджэнні Міжведамаснага экспертна-каардынацыйнага савета па турызме пры Савеце Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Колькасць замежных грамадзян, якія атрымалі медыцынскія паслугі ў Беларусі, з 2010 па 2016 год вырасла ў 1,5 раза. Экспарт медыцынскіх паслуг праз усе каналы рэалізацыі ў 2016 годзе па Вялікабрытаніі вырас у 3,4 раза, па Аўстраліі - у 8,7 раза, ЗША - амаль у 3 разы, Швейцарыі і Ізраілі - у 2 разы. У першым квартале 2017 года медыцынскія паслугі ў Беларусі атрымалі прадстаўнікі 98 краін. У нас павялічыўся ўдвая экспарт у Літву, Грузію, Польшчу, па-ранейшаму расце экспарт у Аўстралію", - сказаў Вячаслаў Шыла.
Намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной адзначыў, што медыцынскі турызм з кожным годам становіцца ўсё больш запатрабаваным і папулярным сярод замежных грамадзян. "Сярод пацыентаў, якія атрымалі медыцынскую дапамогу ў Беларусі, адзначаны грамадзяне 128 краін свету. У арганізацыях сістэмы Міністэрства аховы здароўя за 2016 год медыцынскія паслугі атрымалі больш за 150 тыс. замежных грамадзян", - удакладніў ён. У іншаземцаў запатрабаваны стаматалогія, пластычная хірургія, транспланталогія, кардыяхірургія і іншыя напрамкі.
Таксама Міхаіл Партной расказаў аб развіцці спартыўнага турызму ў краіне. "Штогод расце колькасць міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, праводзімых у Беларусі: 30 - у 2015 годзе, 67 - у 2016 годзе, згодна з планам на 2017 год - больш за 80", - адзначыў ён.
На пасяджэнні савета абмяркоўваліся таксама пытанні развіцця паляўнічага, кулінарнага, прамысловага і іншых відаў турызму