14 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Удзельнікамі XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" стануць прадстаўнікі 45 краін. Аб гэтым паведаміў сёння на адкрыцці Міжнароднага прэс-цэнтра XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" дырэктар форуму, кіраўнік Сусветнай асацыяцыі фестываляў (САФ) Аляксандр Сідарэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вітаючы журналістаў, Аляксандр Сідарэнка падкрэсліў, што фестываль 2016 года ўнікальны па некалькіх прычынах. "Па-першае, у ім удзельнічаюць прадстаўнікі 45 краін свету. Такога яшчэ не было. Гэта своеасаблівы рэкорд і вялікі гонар для нас", - адзначыў дырэктар фестывалю. Ён удакладніў, што раней размова ішла аб 44 краінах, але нядаўна да форуму далучыўся прадстаўнік Швецыі - удзельнік і член экспертнага савета фэсту вулічнага мастацтва "На сямі вятрах".
Па-другое, паводле слоў Аляксандра Сідарэнкі, ужо зарэгістравана 5,3 тыс. удзельнікаў фестывалю. Гэта лічба намнога вышэйшая, чым у мінулыя гады. "Значыць фестывальная праграма, яе праекты прыцягваюць усё больш увагі. Прайшлі першыя канцэрты. Поўным ходам працуе вялікая колькасць калектываў, рэжысёрска-пастановачныя групы. Адбываецца вельмі шмат падзей, у тым ліку непаўторных, своеасаблівых рэкордаў, дэбютаў", - дадаў Аляксандр Сідарэнка.-