27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прадстаўнікі 11 краін выступяць на этапе Кубка свету па лыжнай акрабатыцы, які 30 студзеня прыме Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.
На прэстыжных міжнародных спаборніцтвах выступяць спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, ЗША, Канады, Японіі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Германіі, Швейцарыі.
30 студзеня на схіле для фрыстайла адбудуцца кваліфікацыя і розыгрыш узнагарод. Беларусь прадставяць лідары каманды ў бягучым сезоне Максім Гусцік, Павел Дзік, Ганна Гуськова і Ала Цупер.
Пасля чатырох этапаў Кубка свету сярод мужчын лідзіруе Максім Бураў (Расія) - 400 ачкоў. Лепшы з беларусаў - Максім Гусцік (4-е месца; 145 ачкоў). У жанчын першае месца займае Лора Піл з Аўстраліі - 290 балаў. Уладальніца залатой узнагароды Гульняў у Пхёнчхане Ганна Гуськова знаходзіцца на 10-й пазіцыі з 135 ачкамі, у алімпійскай чэмпіёнкі Сочы Алы Цупер - 11-е месца і 128 балаў у актыве.
Этап Кубка свету па лыжнай акрабатыцы пройдзе з захаваннем усіх проціэпідэмічных норм.