6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На летняй Універсіядзе ў карэйскім Кванджу беларускі плывец Яўген Цуркін выйграў сярэбраны медаль на дыстанцыі 50 м батэрфляем, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У фінале спрынтарскага заплыву беларус паказаў час 23,44, уступіўшы 0,22 секунды, пераможцу бразільцу Марціну Энрыке дэ Соўза - 23,22 сек. Сярэбраная ўзнагарода Яўгена Цуркіна стала першай у скарбонцы зборнай Беларусі на Універсіядзе ў Рэспубліцы Карэя.
У склад беларускай спартыўнай дэлегацыі на XXVIII Сусветную летнюю ўніверсіяду ў Кванджу ўвайшлі 25 студэнтаў з дванаццаці ВНУ. Прадстаўнікі Беларусі прымуць удзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, плаванні, тэнісе, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, акадэмічным веславанні, дзюдо і таэквандо.
Мінулая XXVII Сусветная летняя ўніверсіяда-2013 у Казані (Расія) стала для Беларусі адной з самых удачных. У агульным рэйтынгу краін-удзельніц рэспубліка заняла пятае месца з рэкордным для сябе вынікам: былі заваяваны 40 медалёў (13 залатых, 13 сярэбраных і 14 бронзавых).