24 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераважная большасць жыхароў краіны (84 працэнты) ганарыцца сучаснай Беларуссю. Аб гэтым сведчаць даныя нацыянальнага сацыялагічнага апытання, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта, паведамляе БЕЛТА.
У большасці грамадзян пачуццё гонару выклікае сам беларускі народ (55,5 працэнта). Прыроднымі багаццямі рэспублікі і беларускай культурай ганарацца ў сярэднім па 40 працэнтаў рэспандэнтаў, гістарычнай спадчынай і спартыўнымі поспехамі беларускіх атлетаў - па 33 працэнты.
Узброеныя Сілы Беларусі, палітычныя поспехі дзяржавы, сучасныя дасягненні ў медыцыне і навуцы, сістэма адукацыі і аховы здароўя выклікаюць пачуццё гонару практычна ў кожнага пятага беларуса (у сярэднім па 19 працэнтаў). Эканамічныя поспехі назвалі 13 працэнтаў апытаных.
Сацапытанне праводзілася ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і горадзе Мінску, раённых гарадах і сельскіх населеных пунктах з 5 па 15 чэрвеня 2015 года. У даследаванні была выкарыстана шматступеньчатая, стратыфікаваная, выпадковая выбарка, якая рэпрэзентуе дарослае насельніцтва краіны (18 гадоў і старэйшае) па поле, узросце, адукацыі, месцы пражывання. Аб'ём выбаркі складае 1 тыс. рэспандэнтаў.