8 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перасовачны выставачны праект "Беларусь і беларусы" Нацыянальнага гістарычнага музея раскажа аб асноўных этапах гістарычнага развіцця краіны. Прэзентацыя праекта адбылася 8 снежня ў музеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь і беларусы" - першы перасовачны выставачны праект, які дае кароткую характарыстыку культурным дасягненням, на даступнай мове расказвае аб гісторыі краіны, прадстаўляе беларускую нацыю як неад'емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.
Беларусь - суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі гісторыі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі дасягненнямі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх. Самым важным багаццем краіны з'яўляюцца людзі. Беларусы - працавітая і разважлівая нацыя, з пачуццём свабоды і бязмежнай творчасцю. Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю, шчодрай душой і міралюбным характарам.
Выстаўка складаецца з мабільных канструкцый, на якіх размешчаны тэматычныя выявы, фатаграфіі прадметаў, дакументаў, невялікія тлумачальныя тэксты на беларускай і англійскай мовах. Змест падзяляецца на два тэматычныя блокі, адзін з іх прысвечаны гісторыі Беларусі, другі - культурным дасягненням. Прадстаўлены кароткі гістарычны агляд, які закранае асноўныя этапы (старажытнасць, першыя дзяржаўныя ўтварэнні, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, Савецкая Беларусь, сучаснасць), раскрываюцца асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай дзейнасці беларусаў.
Выстаўка разлічана на прэзентацыю гісторыі і культуры Беларусі за мяжой.