8 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцы і прызёры сярод ВНУ і аматарскіх каманд вызначаны ў эстафеце на лыжаролерах і ролікавых каньках у Дзень горада ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Першае месца занялі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, другое - Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Трэцімі сталі прадстаўнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, за гэту каманду выступала чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў Святлана Саханенка.
У забегу ў складзе дзвюх аматарскіх каманд прынялі ўдзел прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант і малодшы сын кіраўніка дзяржавы Мікалай Лукашэнка, першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Андрэй Асташэвіч, галоўны трэнер хакейнага клуба "Юнацтва" Міхаіл Захараў.
У эстафеце стартавалі 11 каманд.
Спартыўнае свята прадоўжыцца каля Палаца спорту ў Мінску лыжаролернай эстафетай сярод сілавых структур, а пасля адбудзецца ролер-марафон з удзелам вядучых атлетаў Беларусі і замежных краін.