12 снежня, Віцебск /Алёна Ціханава - БЕЛТА/. Заключны этап адкрытага конкурсу аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно" адбудзецца ў Полацку 15-17 снежня, паведамілі БЕЛТА ў Полацкім райвыканкаме.
Адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Тарыча "Я здымаю кіно" праходзіць у Полацку трэці раз. Ён складаецца з трох этапаў, два з якіх (прыём конкурсных работ і тэхнічны адбор да допуску ў конкурсе; ацэнка тэлегледачоў - тэлетрансляцыя выбраных работ на мясцовым тэлеканале з арганізацыяй інтэрактыўнага галасавання) прайшлі ўжо. Заключны этап, галоўнай падзеяй якога стане ўзнагароджанне пераможцаў, адбудзецца 15-17 снежня.
У гэтыя дні будуць арганізаваны майстар-класы спецыялістаў нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, інстытута журналістыкі БДУ па тэмах "Камп'ютарная графіка і кінавытворчасць", "Рэжысура і менеджмент", "Гукарэжысура", "Аператарскае мастацтва", "Сцэнарнае майстэрства ў дакументалістыцы і пастановачным кіно". Акрамя таго, пройдуць прафарыентацыйныя сустрэчы з навучэнцамі, запланаваны круглы стол "Перспектывы беларускага кіно: прафесійнага і аматарскага", прэс-канферэнцыя. У кінатэатры "Радзіма" пройдуць бясплатныя кінасеансы з дэманстрацыяй стужак вытворчасці "Беларусьфільм". Ва ўстановах адукацыі і культуры Полацкага раёна будуць працаваць кніжныя выстаўкі, прысвечаныя беларускаму кіно і вядомым асобам.
Урачыстая цырымонія падвядзення вынікаў заключнага этапу конкурсу аматарскіх фільмаў і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца ў Палацы культуры прадпрыемства "Полацк-Шкловалакно" 17 снежня.
Арганізатары конкурсу - аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Полацкага райвыканкама, Полацкі філіял рэгіянальнай тэлекампаніі "Скіф", ДП "Полацкая кінавідэасетка", партнёры - нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Інстытут журналістыкі БДУ.
Юрый Тарыч (сапраўднае прозвішча Аляксееў) - савецкі кінарэжысёр і сцэнарыст, яркая і вядомая фігура ў кінематаграфічным мастацтве, ураджэнец Полацка. Гады жыцця 1885-1967.