16 лютага, Мінск /Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА/. Павільён Беларусі на выстаўцы "ЭКСПА-2015" у Мілане будзе выкананы ў выглядзе ўзгоркаў, раздзеленых патокам вады. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА наведаміў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы.
Павільён спраектаваны італьянскімі архітэктарамі ў адпаведнасці з арыгінальным дызайнерскім рашэннем беларускага аўтарскага калектыву "Кола жыцця". "У аснове мастацкай канцэпцыі - дэманстрацыя асноўных багаццяў беларускай зямлі, якімі з'яўляюцца хлеб, соль і чыстая вада, - адзначыў Міхаіл Русы. - Два корпусы павільёна, выкананыя ў форме ўзгоркаў, пакрытых натуральнай травой, будуць раздзелены патокам вады, над якім будзе размешчана стылізаванае кола вадзянога млына".
Агульная плошча выдзеленага арганізатарамі ўчастка пад забудову складае 1 147 кв.м. Амаль палавіну гэтай плошчы зойме нацыянальны павільён Беларусі, размешчаны па суседстве з участкамі Літвы і Малайзіі. У павільёне размесцяцца экспазіцыйная і канферэнц-зала, рэстаран нацыянальнай кухні, сувенірны магазін. Акрамя таго, на выдзеленым Беларусі ўчастку будзе арганізавана сцэнічная пляцоўка для выступлення творчых калектываў.
Тэматыка беларускай экспазіцыі на "ЭКСПА-2015" будзе цесна звязана з тэматыкай самой выстаўкі, дэвіз якой - "Накарміць планету, энергія для жыцця". Наведвальнікам беларускага павільёна будуць дэманстравацца найбольш значныя айчынныя інавацыйныя напрацоўкі ў сферах вытворчасці сельгаспрадукцыі і якасных прадуктаў харчавання, прыродаахоўнай дзейнасці, падтрымання ўстойлівага развіцця грамадства і захавання біяразнастайнасці навакольнага асяроддзя. Таксама плануецца шырока прадставіць у Мілане эканамічны і турыстычны патэнцыял Беларусі, яе інвестыцыйную прывабнасць. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена гісторыка-культурнай спадчыне і спартыўным дасягненням рэспублікі, самабытнасці і багаццю яе кулінарных традыцый.
"ЭКСПА", або Сусветная выстаўка, - буйнейшая міжнародная выстаўка для дэманстрацыі тэхнічных і тэхналагічных дасягненняў. Упершыню яна прайшла ў 1851 годзе. У гэтым годзе выстаўка пройдзе ў Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка. Галоўнай стане харчовая тэматыка. Увага будзе ўдзелена ўплыву культуры харчавання на этнічныя традыцыі, развіццю сельскай гаспадаркі, біяразнастайнасці і экалогіі. Удзел у выстаўцы пацвердзілі 147 краін, плануюць прыняць удзел 10 міжнародных арганізацый і 30 карпарацый. 56 краін, у тым ліку Беларусь, прадставяць на выстаўцы нацыянальныя павільёны. Плануецца, што выстаўку наведаюць каля 20 млн чалавек.