3 снежня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Пасольства Італіі ў Беларусі ставіць за мэту выдачу шэнгенскіх віз менш як за тыдзень. Аб гэтым у інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў саветнік пасольства Уга Боні.
"Мы спадзяёмся, што ўсе працэсы будуць праходзіць яшчэ хутчэй, чым цяпер. Я не магу пакуль сказаць дакладна, калі гэта адбудзецца, але як мэта ў нас - скараціць яшчэ час выдачы візы", - сказаў дыпламат. Цяпер тэрмін выдачы італьянскай дыпмісіяй шэнген-віз беларусам складае тыдзень.
Уга Боні выказаў надзею, што з адкрыццём трох італьянскіх візавых цэнтраў - у Мінску, Брэсце і Гомелі - візу будзе атрымаць зручней і прасцей, асабліва жыхарам рэгіёнаў.
У апошнія гады значна павялічылася колькасць турыстаў з Беларусі, якія наведваюць Італію. Калі 5-10 гадоў таму большасць зваротаў за візамі былі для беларускіх дзяцей, якія выязджаюць у Італію па розных аздараўленчых праграмах, то цяпер колькасць такіх зваротаў складае толькі 20-25 працэнтаў, 60-65 працэнтаў - гэта турысты, 10-15 працэнтаў - іншыя катэгорыі грамадзян (бізнесмены, вадзіцелі-міжнароднікі і г.д.). У той жа час у гэтым годзе назіраецца змяншэнне колькасці зваротаў за візамі, і гэта агульная тэндэнцыя, характэрная для большасці пасольстваў. Уга Боні выказаў меркаванне, што гэта можа быць як уплывам крызісу, так і новай сістэмы па зняцці адпячаткаў пальцаў. Калі ў мінулым годзе пасольства выдала амаль 45 тыс. віз, то на канец гэтага года іх колькасць, паводле папярэдніх даных, складзе амаль 40 тыс.
"Але, думаю, у будучым колькасць зваротаў за візамі будзе павялічвацца, і колькасць турыстаў, якія наведваюць Італію, будзе станавіцца большай і большай, - адзначыў ён. - Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб атрыманне візы было як мага больш простым працэсам і каб не было перашкод для тых, хто хоча наведаць Італію".
"Мы таксама нядаўна пачалі прадастаўляць паўгадавыя і гадавыя шэнген-візы ўсім, у каго ўжо былі шэнген-візы і яны карэктна выкарыстоўваліся. А тым, у каго былі гадавыя, выдаём двухгадовыя. Думаю, у будучым усё будзе толькі спрашчацца, і людзям не трэба будзе часта звяртацца за візай, таму што яны будуць мець больш працяглы тэрмін дзеяння", - сказаў супрацоўнік пасольства.