22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Консульскі аддзел пасольства Польшчы ў Мінску і генконсульствы ў Брэсце і Гродне выдалі грамадзянам Беларусі за 11 месяцаў 2015 года каля 370 тыс. віз, паведаміў сёння журналістам часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Беларусі Міхал Хабрас, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Гэта адпавядае ўзроўню мінулага года", - адзначыў дыпламат. З агульнай колькасці выдадзеных віз 25 працэнтаў - бясплатныя. Часовы павераны растлумачыў, што нацыянальныя візы (тып D) Польшча выдае ў Беларусі бясплатна. Акрамя таго, у бягучым годзе беларускім грамадзянам выдадзена каля 200 тыс. доўгатэрміновых віз.
Што датычыцца візавага аўтсорсінгу, то часовы павераны нагадаў, што польскі бок падпісаў у лістападзе 2015 года дагавор з кампаніяй VFS.Global, якая адкрые не пазней за ліпень 2016 года восем візавых цэнтраў Польшчы ў Беларусі. "Гэта крайні тэрмін", - падкрэсліў Міхал Хабрас. "Спадзяёмся, што візавыя цэнтры аблегчаць атрыманне віз для грамадзян Беларусі", - дадаў дыпламат.
Пры гэтым для візавага цэнтра ў Мінску ўжо знойдзены некалькі варыянтаў размяшчэння. "Думаю, што ў бліжэйшыя дні або тыдні месца будзе вызначана", - адзначыў дыпламат. Іншыя цэнтры з'явяцца ў Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Баранавічах і Лідзе. "Аплата за паслугі будзе на ўзроўні 15 еўра. І каб было правільнае разуменне, мы тут не абмяжоўваем магчымасці падачы заяўкі непасрэдна ў консульства. Толькі ад заяўніка залежыць, які шлях ён выбірае: візавы цэнтр або консульства", - сказаў Міхал Хабрас.
Ён таксама падкрэсліў, што доля адмоў на заявы аб выдачы віз у пасольстве і генконсульствах Польшчы ў Беларусі складае менш за 1 працэнт. "Трэба вельмі пастарацца, каб не атрымаць у нас візы", - лічыць дыпламат.
Акрамя таго, Міхал Хабрас звярнуў увагу, што пытанне аб спрашчэнні візавага рэжыму ў Шэнгенскай зоне - гэта ўзровень усяго Еўрасаюза, але Польшча са свайго боку робіць захады ў гэтым напрамку. "Гэта з'яўляецца самым важным у нашай рабоце. Кантакты паміж людзьмі з'яўляюцца самай добрай пляцоўкай, каб будаваць адносіны на іншых узроўнях, уключаючы дзяржаўны", - дадаў дыпламат.