4 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Вянок ад пасольства Беларусі ў Расіі ўскладзены сёння ў Маскве да Магілы Невядомага Салдата каля Крамлёўскай сцяны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Урачыстая цырымонія была прысвечана 72-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У ёй прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, старшыня Выканаўчага камітэта - выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, генеральны сакратар АДКБ Юрий Хачатураў, член Калегіі (міністр) Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі, адказны сакратар Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргей Стрэльчанка, першы намеснік кіраўніка фракцыі "Адзіная Расія" ў Дзярждуме РФ Раіса Кармазіна, першы намеснік старшыні камітэта па абароне і бяспецы Савета Федэрацыі Франц Клінцэвіч, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікі інтэграцыйных органаў, беларускай дыяспары і дыпламаты.
Кветкі былі таксама ўскладзены да памятных знакаў "Горад-герой Мінск" і "Брэсцкая крэпасць-герой", устаноўленым на Алеі гарадоў-герояў у Аляксандраўскім садзе. Урачыстая цырымонія завяршылася праходжаннем роты ганаровай варты і ваеннага аркестра.
Пасля цырымоніі ў гутарцы з журналістамі Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што Дзень Перамогі - свяшчэннае для беларусаў і расіян свята. Ён адзначыў, што гэта ўрачыстая цырымонія з'яўляецца традыцыйнай і яе ўдзельнікі аддаюць даніну памяці тым, хто прынёс свабоду народам Еўропы. "Гэта важна не толькі для ветэранаў, але і для падрастаючага пакалення", - сказаў дыпламат.
Пасол нагадаў, што ў бягучым годзе будзе адзначацца 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Расіяй. Паводле яго слоў, за чвэрць стагоддзя дзвюм краінам удалося шмат чаго дасягнуць у розных сферах, але галоўнае - захаваць адзінства ў падыходах да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. "Мы з агульных пазіцый выступаем на ўсіх міжнародных пляцоўках супраць рэвізіянісцкіх спроб прынізіць подзвіг савецкага салдата ў Другой сусветнай вайне", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.