3 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творчасць адыгрывала вялізную ролю ў жыцці партызан. Адрэзаныя ад фронту, яны былі вымушаны падтрымліваць сваю баяздольнасць самастойна. Гэта датычылася як зброі, так і маральнага духу. Для першага ствараліся самаробныя майстэрні, а настрой уздымалі партызанскія паэты, пісьменнікі, артысты і мастакі.
Новая серыя сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ "Партызанскі летапіс" прысвечана творчасці народных мсціўцаў.
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння.
Штотыднёва мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх алічбаваныя версіі. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.