30 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першамай крочыў па краіне і ў ваенныя саракавыя. Свята шырока адзначалі партызаны і мірнае насельніцтва. У сёлах і лясных лагерах праходзілі сходы і мітынгі, аб'яўляліся сацспаборніцтвы. Сяляне абавязаліся дапамагаць партызанам у барацьбе супраць акупантаў.
У 1944-м усе партызанскія выданні адзначылі гэту дату. Новая серыя сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ "Партызанскі летапіс" прысвечана тэме святкавання 1 Мая ў тыле ворага.
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння.
Штотыдзень мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх пераведзеныя ў лічбавы фармат версіі. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.