13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вайна заспела інтэнданта III рангу Сяргея Жуніна ў складзе 8-га танкавага палка на Заходнім фронце. У ліпені 1941-га байцы, якія не выйшлі з варожага акружэння на Магілёўшчыне, арганізавалі групу на чале з Жуніным. За год яна перарасла ў атрад "Сяргея". У далейшым ён жа ўзначаліў Круглянскую ваенна-аператыўную групу, якая аб'яднала партызанскі рух ва ўсім раёне.
Новая серыя сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея ВАВ "Партызанскі летапіс" прысвечана Герою Савецкага Саюза Сяргею Георгіевічу Жуніну.
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння.
Штотыдзень мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх версіі, пераведзеныя ў лічбавы фармат. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.
Да 3 ліпеня 2019 года БЕЛТА будзе публікаваць партызанскія часопісы, дапаўняючы ўнікальны тэкставы кантэнт архіўнымі фатаграфіямі агенцтва.