12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гады Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецкіх войскаў разам з беларускім народам у адзіным страі змагаліся больш за чатыры тысячы іншаземцаў. У большасці выпадкаў яны трапілі на тэрыторыю Беларусі ў складзе асобных часцей вермахта. Апынуўшыся на беларускай зямлі, салдаты нярэдка паварочвалі сваю зброю супраць акупантаў і ішлі да партызан...
Інтэрнацыянальная прысутнасць у партызанскіх фарміраваннях асабліва ўзмацнілася пасля перамог Чырвонай Арміі пад Масквой, Сталінградам і Курскам. З замежных антыфашыстаў ствараліся асобныя падраздзяленні: узводы, роты і цэлыя атрады.
Чарговая старонка сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея ВАВ - "Партызанскі летапіс: атрад імя Юрчанкі" - прысвечана байцам падраздзялення 1-й Мінскай брыгады, у ліку якіх былі і антыфашысты-іншаземцы.
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння. Штотыдзень мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх версіі, пераведзеныя ў лічбавы варыянт. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.
Да 3 ліпеня 2019 года БЕЛТА будзе публікаваць партызанскія часопісы, дапаўняючы ўнікальны тэкставы кантэнт архіўнымі фатаграфіямі агенцтва.