26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У самы разгар бітваў за Беларусь партыя і ўрад рэспублікі ставілі перад партызанамі галоўную задачу: узмацняць удары па адступаючых гітлераўцах. Адметнай асаблівасцю гэтага перыяду вайны было тое, што цэнтрамі планавання, каардынацыі і забеспячэння баявых аперацый партызан станавіліся аператыўныя групы Беларускага штаба партызанскага руху пры ваенных саветах франтоў. Яны дзейнічалі ў цесным кантакце з камандаваннем рэгулярных часцей.
У выніку сумесных баявых дзеянняў партызан і войскаў Чырвонай Арміі знішчаліся варожыя гарнізоны, захопліваліся рубяжы і пераправы, вызваляліся населеныя пункты...
Новая серыя сумеснага праекта БЕЛТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ - "Партызанскі летапіс" - прысвечана 208-му партызанскаму атраду імя І.Сталіна. У 1943 годзе ён быў разгорнуты ў полк у складзе трох батальёнаў і 11 ліпеня 1944 года для сумеснай барацьбы супраць ворага злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі...
Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якая захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "1" міжнароднага значэння.
Штотыдзень мы расказваем аб гэтых хроніках і публікуем іх пераведзеныя ў лічбавы фармат версіі. Кожная з іх паказвае розныя бакі жыцця партызанскіх фарміраванняў, раскрывае думкі і пачуцці людзей, якія рызыкнулі весці бой у тыле ворага.