19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Брыгада партугальскіх арбітраў будзе працаваць 20 кастрычніка на матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і іспанскай "Барселонай", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Галоўным суддзёй назначаны Мануэль Дэ Соўза, асістэнтамі якога стануць Берціну Міранда і Алвару Мешкіта. Дадатковыя памочнікі за варотамі - Карлуш Шыстра і Жаау Капэла, рэзервовы суддзя - Рыкарду Сантуш. Інспектар матчу - Уільям Янг з Шатландыі, дэлегат УЕФА - Армэн Мінасян з Арменіі.
Сустрэча 3-га тура БАТЭ - "Барселона" адбудзецца на полі "Барысаў-Арэны" 20 кастрычніка, пачатак у 21.45. Усе месцы на трыбуны, якія ўмяшчаюць 13 тыс. гледачоў, даўно прададзены, тыя, хто не змог набыць запаветныя білеты, змогуць убачыць гэты паядынак у прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 2". У другім паядынку 3-га тура групы Е футбалісты нямецкага "Баера" прымуць у Леверкузене італьянскую "Рому". Становішча каманд пасля двух гульнявых дзён: "Барселона" - 4 ачкі (розніца мячоў - 3-2), "Баер" - 3 (5-3), БАТЭ - 3 (4-6), "Рома" - 1 (3-4).